Сайт даступны для людзей са слабым слыхам і якія не чуюць. Усе аўдыётрэкі маюць тэкставую версію.

Старая фота вулачкi Барысава

Вiтаем на старонцы медыя спадарожнiка

Падчас шпацыру мы некалькі разоў будзем адхіляцца ад галоўнага праспекта (цяпер — Рэвалюцыі, раней — князя Трубяцкога) і вяртацца да яго. Працягласць прагулкі на мясцовасці каля 4 кіламетраў, праслухоўванне аўдыётрэкаў каля 66 хвілін.

Прывакзальная плошча. Злева - вакзал
Прывакзальная плошча. Злева — будынак вакзала
0:00

Гiсторыя аднаго з найстаражытных гарадоў Беларусi, Барысава, — гэта не толькi хронiка войнаў i палiтычных падзей.

Барысаў — горад, у якiм жаночыя лёсы, поўныя любвi, пераадолення i натхнення, уплятаюцца ў тканiну яго мiнулага i сучаснасцi.

Вы даведаецеся не толькi аб архiтэктурных асаблiвасцях аднаго з раёнаў горада на Бярэзiне, але i пра неверагодныя гiсторыi жанчын, якiя, нягледзячы на выклiкi свайго часу, станавiлiся рухаючай сiлай зменаў.

Праз iх партрэты i жыццевыя шляхi раскрываецца сапраўдны дух Барысава.

Аўдыё-маршрут

Чыгуначная станцыя Барысаў. Перон

Цагляны будынак вакзалу з’явіўся тут пасля гарадскога пажару 1900га года. Дакладная дата яго пабудовы не вядомая, але краязнаўцы кажуць, што ў 1912 годзе гэты будынак ужо існаваў. На жаль, не ўвесь дэкор захаваўся, бо будынак моцна пацярпеў падчас Першай і Другой сусветных войнаў.

Тапаграфiчная падказка:
Пачатковая кропка — другая платформа чыгуначнай станцыi «Барысаў».

0:00

Пачнем мы са станцыі, што зараз завецца “Барысаў”, але мела назву Н о в а б а р ы с а ў, калі толькі-толькі з’явілася тут напрыканцы 19га стагоддзя. Да той пары старажытны горад мясціўся на левым беразе Бярэзіны. І вось на правым паўстаў новы пасад, бо ў 1871-м менавіта праз гэты бок (а не праз Магілёў, як планавалася першапачаткова!) была пабудаваная чыгунка на шляху паміж заможным Брэст-Літоўскам і Масквой.

Гэта адбылося дзякуючы барысаўскім тагачасным прадпрымальнікам, што валодалі тут землямі і былі зацікаўленыя ў індустрыяльным развіцці гораду.

А разам з чыгункай пачаў забудоўвацца і гэты бераг Бярэзіны.

Аднак, заўважым, чыгунка – таксама жаночага роду. Як і рака, што дагэтуль была асноўнай транспартнай артэрыяй гораду.

Уявіце сабе, па нашай Бярэзіне сплаўлялі лес, перасоўваліся вандроўнікі і гандляры з таварам цягам стагоддзяў. Цяпер гэтую ролю ўзяла на сябе больш моцная і хуткая чыгунка.

Такім чынам, Барысаў захапіў правы бераг ракі, дзе мы зараз з вамі знаходзімся. А разам з дабрабытам у гэты перыяд – канец 19га і першую траціну 20га стагоддзя – горад буйна развіваўся і як культурны цэнтр.

Менавіта таму мы пачынаем прагулку з індустрыяльнага сэрца Барысава і скончым ў месцы, якое тычыцца культуры.

Азірніцеся, калі ласка.

З гэтай кропкі мы бачым будынак чыгуначнага вакзала, які першапачаткова быў драўляным. Гэта было адзінае двухпавярховае збудаванне на адрэзку чыгункі Мінск — Орша.

Калісьці побач з ім мясцілася рэстарацыя, і гэта было модна – бавіць тут час. Зараз у гэтым прыгожым будынку няма не тое, што рэстарацыі, але ні кавярні, ні прыбіральні, ні пакою для бацькоў і немаўлят.

Дарэчы, абсталяваных грамадскіх туалетаў няма амаль нідзе ў цэнтры гораду, а наша прагулка будзе доўжыцца яшчэ каля двух гадзін. Таму прапануем наведаць прыбіральню, што знаходзіцца ў будынках злева ад вас, за чыгуначнымі касамі. Альбо пазьней вы зможаце зазірнуць у кавярню ці… у бібліятэку ў другой палове нашай вандроўкі.

Заўважым, вакзал не раз бываў здымачнай пляцоўкай для мясцовага кіно. Менавіта тут, на гэтым пероне была знятая кароценькая сцэна развітання двух персанажаў у канцы серыяла Школа, які ствараўся на Барысаўскім рэгіянальным тэлебачанні ў 2009-2011 гадах. Так, Барысаў мае свой уласны мастацкі фільм з 12 серый, дзе можна пабачыць шмат натуральных гарадскіх дэкарацый, якія на дадзены момант ужо не існуюць. І аўтарка ідэі кінастужкі — жанчына. Але аб гэтым крыху пазней.

Тапаграфiчная падказка:
Рухаемся ў бок пошты. Яна справа ад будынку вакзала, калi чыгунка ў вас за спiной.

Паштальён (скульптура)

0:00

Тэрыторыя вакол вакзала напачатку двадцатага стагоддзя ўяўляла сабой спалучэнне службовых будынкаў, жылых дамоў і зялёных насаджэнняў. Тут, дзе зараз мы бачым пошту, мясціўся сквер.

Паштовая і тэлеграфная кантора адкрыліся ў Барысаве ў 1899м. Будынак пошты тады знаходзіўся на вуглу праспекта князя Трубяцкога, цяпер — праспекта Рэвалюцыі, і вуліцы Паштовай. Вы можаце спраўдзіць па мапе.

Каля сучаснай пошты мы бачым фігуру фантазійнага паштальёна. Фантазійнага, бо адразу задаемся пытаннем – ці гэта рэальная гістарычная асоба? З нататкаў мясцовага краязнаўцы Аляксандра Разэнблюма вядома, што ў Новабарысаве ў 30х гадах, насамрэч, працаваў паштальён Сямён Зубаў, якога, як і шмат каго ў сталінскія часы, у жніўні 1937га абвінавацілі ў шпіянажы. А ў снежні таго ж года ён быў растраляны разам з яшчэ 50цю барысаўчанамі. Аднак, на скульптуры няма аніякіх прыкмет персаналізацыі.

Па знешнім выглядзе таксама складана вызначыць час, рэгіён і нават прафесію. Аўтар ці аўтарка апранулі свайго персанажа ў касцюм і картуз, што нагадваюць уніформу кансьержа. А з надпісаў на скульптуры мы можам даведацца толькі пра выканальнікаў замовы.

Другая супярэчнасць гэтага гарадскога ўпрыгожвання тычыцца гендара і нябачнага жаночага Барысава. Мы ведаем з назіранняў і статыстыкі, што на беларускіх поштах працуюць амаль 100 адсоткаў жанчын. Дадзены мастацкі вобраз пры гэтым са статыстыкай не суадносіцца аніяк.

Жанравая скульптура з’явілася тут у час захаплення малымі формамі і, агулам, магла б стаць разынкай. Але.. ў суседнім Жодзіна ля пошты стаіць брат-блізнец барысаўскага паштальёна. А ў Мінску іх ажно тры. Яны сімвалізуюць важнасць паштовай службы і яе супрацоўнікаў — мужчын, што з’яўляецца гістарычным фактам мінулага, але не адпавядае ні сённяшняй праўдзе, ні гістарычнаму вобразу. Таму гэтую скульптуру можна лічыць хіба за акт спробы добраўпарадкавання.

Стаматалогiя

Тапаграфічная падказка:
Наш шлях працягваецца па вуліцы Труда паралельна чыгунцы. Можна не пераходзіць на другі бок вуліцы, а насупраць стаматалагічнай паліклінікі прысесці на лавачку і паслухаць гісторыі пра барысаўскіх дантыстак.

Cтаматалагiчная палiклiнiка. Уваход
Cтаматалагiчная палiклiнiка. Уваход

“Жорсткі раманс“ пра дантыстку Надзю: тэкст

0:00

Акурат перад нашымі вачыма паўстае нічым не адметны будынак гарадской стаматалагічнай паліклінікі. І хаця прафесія дантыста гістарычна (як і шмат іншых статусных і бенефітных прафесій) была выключна мужчынскай, ужо даволі працяглы час загадчыцамі паліклінікі з’яўляюцца жанчыны.

Магчыма гэтую традыцыю распачала яшчэ пасля Другой Сусветнай вайны Юдэс Барысаўна Бевз, што працавала ў той час у Барысаве. І не год-два, а значна даўжэй. Факт, аб якім мала хто ведае, але гэтая жанчына —  сапраўдная медычная легенда Барысава.

Юдэс нарадзілася ў 1920 годзе. Падчас Другой Сусветнай вайны яна, маладая дохтарка, дапамагала параненым і потым вырашыла застацца ў прафесіі. У пасляваенны час, цягам 13ці год яна была адна ў нашым горадзе на той час, хто мела вышэйшую медычную адукацыю ў галіне стаматалогіі. Уявіце сабе — лячыць зубны боль! Улічваючы тагачасны тэхнічны ўзровень абсталявання. Але Юдэс, кажуць, супакойвала сваіх пацыентаў усмешкай і клапатлівымі рукамі яшчэ да таго, як бралася за інструменты. 

З цягам часу яна стала галоўным урачом Барысаўскай стаматалагічнай паліклінікі і стварыла моцную каманду, здольную перадаваць свой досвед.

Юдэс не стала ў 1996 годзе. Цяпер яе імя, на жаль, амаль не ўзгадваюць у Барысаве.

А яшчэ недзе ў 2019 годзе тут працавала стаматолагам пані Надзя… дакладна як у “жорсткім рамансе”. Гэта народны песенны жанр, які звычайна выконваўся жанчынамі. Амаль усе сюжэты песень страшэнна драматычныя, пра нешчаслівае каханне, пазашлюбную цяжарнасць і самагубствы. Аднак, у песні пра дантыстку Надзю ўсё наадварот. Яна адпомсціла кавалеру, які ёй здрадзіў! Ён нават не пазнаў яе, прыйшоўшы на прыём. А Надзя яго помніла.. І пазбавіла чатырох здаровых зубоў.

Наша Надзя стаматолаг, між тым, грае на акардыёне і ведае гэтую песню.

Цалкам песню можна паслухаць і пачытаць тэкст па спасылках у апісанні да гэтага трэка.

0:00

Песня про Надзю: Надзя-данцістка. Вясковая лірыка. Рамансы, дрындушкі.
«Новая Музыкальная Компания» (с) 2009 г

Тапаграфічная падказка:
Далей мы пераходзім дарогу да стаматалогіі і працягваем шпацыраваць у бок сядзібы памешчыка Каладзеева (направа ад прывакзальнай плошчы па вуліцы Труда). Рухаемся да незвычайнага трохкутнага скрыжавання.

Трохкутнік ля сядзібы Вольгі і Івана Каладзеевых.

Тапаграфічная падказка:
Мы не пойдзем у сядзібу Каладзеевых — яе можна наведаць асобна (глядзіце фота). Але спынімся на гэтым магічным скрыжаванні вуліц 30 год Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі (так перакладаецца абрэвіятура УЛКСМ), Труда і Завадской, якія ўтвараюць трохкутнік.
Калі прайсці яшчэ наперад і стаяць спіной да крамы, мы бачым перад сабой «завадскі квартал» (таксама на фота).

Што тычыцца сядзібы, пасля сваёй доўгай гісторыі і занядбання яна ізноў адкрылася толькі ў 2012 годзе — да адзначэння двухсотгоддзя напалеонаўскіх падзей. Бо пасля рэвалюцыі панскі будынак стаў належаць саветам.

Спачатку, у 1920-я, там адкрыўся санаторый для службовых і працоўных гараджан. Пасля там працаваў дом немаўлят. Яшчэ пазней Каладзееўка зрабілася скурна-венерычным дыспансерам. Цяпер — прыватная сядзіба-музей, якую можна самастойна наведаць па папярэднім запісе. Глядзіце спасылку: cядзiба Каладзеева

0:00

Ад самай чыгункі па правым беразе Бярэзіны (яна там, з правага боку, далей, за фабрычнай забудовай) у два бакі далека цягнуцца прадпрыемствы.

Некаторыя, як запалкавая фабрыка, акурат перад якой мы зараз знаходзімся, былі пабудаваныя яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя. Вось яно — індустрыяльнае сэрца Барысава, якое з’явілася дзякуючы чыгунцы. Калі зараз праедзе цягнік, мы пачуем грукат гэтага сэрца. На жаль, гудзенне баржы ці парахода на Бярэзіне мы ўжо не пачуем. З-за асушэнняў рака моцна змялела.

Тут побач ёсць знакаміты дом Івана Хрысанфавіча Каладзеева  — барысаўскага памешчыка і мецэната, які сабраў найбуйнейшую ў Еўропе калекцыю напалеонікі. Існуе версія, што зямлю, дзе мы зараз стаім, Іван Каладзееў атрымаў у прыданае за жонкай Вольгай, у дзявоцтве Карцавай. Гэта была жанчына з добрай адукацыяй: яна ведала некалькі моваў, грала на арфе і добра разумела пытанні эканомікі. Дзяцей з Іванам у іх не было, але было Іванава «дзецішча», дакладней — хобі, яшчэ больш дакладна — справа ўсяго жыцця: збіранне артэфактаў і кніг, што тычыліся Напалеонаўскай вайны 1812 года і пераправы праз Бярэзіну ў падбарысаўскай Студзенцы, якую мы яшчэ ўзгадаем пазней.

Вольга дапамагала мужу з перакладамі, вяла гаспадарку, а калі Каладзееў моцна захварэў — менавіта яна працягнула ягоную працу.

Прабабуля адной з барысаўчанак працавала прачкай у сядзібе Каладзеевых. Яна распавядала, што Вольга была моцная, дзелавітая жанчына, якая і спраўлялася з гаспадаркай, і вяла грамадскія справы. Ейнага мужа называлі мецэнатам, таму што ён падтрымліваў культурны рух у горадзе. А ў іх сядзібе ладзіліся тэатралізаваныя імпрэзы і гасцявала артыстычная публіка.

Мы ведаем, што Вольга ўдзельнічала не толькі ў культурных справах, але і ў распрацоўцы праекта пабудовы царквы ў памяць пра ўдзельнікаў вайны з Напалеонам.

Дзякуючы ей, напачатку Першай сусветнай вайны і народных бунтаў, ужо пасля смерці Каладзеева (з прычыны захворвання), ягоная калекцыя была адасланая ў Расію. Такім чынам, Вольга калекцыю захавала. Але каштоўныя артэфакты зрабілася недасяжнымі для барысаўчан.

Нягледзячы на значны ўнёсак Вольгі Каладзеевай у калекцыйную справу ейнага мужа, мы амаль нічога пра яе не ведаем. Яна пахавала свайго Івана і з’ехала ў эміграцыю. Напэўна, гэта было добрае рашэнне. Ёсць звесткі, што яна пражыла доўгае жыцце і памёрла недзе ў Ніцы.

Сам Каладзееў быў пахаваны ля запалкавай фабрыкі. Магіла ягоная згубленая. Кажуць, на яе месцы за савецкім часам пабудавалі фанерны цэх.

Так ці не, але існуе гарадскі міф: каля 12ці гадзін дня і ночы менавіта на гэтым адрэзку вуліцы можна сустрэць сталага гаспадзіна. І калі ён з вамі павітаецца — вы можаце задаць яму свае самыя сакрэтныя пытанні, на якія шукаеце адказу.

Як вам магічнае скрыжаванне? Дарэчы, колькі зараз на вашым гадзінніку?

Запалкавая фабрыка.

Тапаграфічная падказка:
Мы будзем рухацца далей — налева, уздоўж запалкавай фабрыкі да вуліцы Паштовай, якая накіруе нас зноў да галоўнага праспекта.

0:00

Перад тым, як звярнуць на Паштовую вуліцу, кінем наш развітальны позірк на фанерны цэх запалкавай фабрыкі.

“Березина” — так называлася першапачаткова гэтая фабрыка. У гонар ракі БярЭзiны. Паўстаўшая над гэтай ракой у 1901м годзе на зямлі Вольгі і Івана Каладзеевых. Побач чыгункі, што адкрывала выдатныя транспартныя магчымасці. З прапановы Ізідора Бермана, маладога таленавітага інжэнера. Якога падмануў уладальнік запалкавай фабрыкі “Вікторыя”, што мясцілася насупраць, на левым беразе ракі.

Паміж двумя фабрыкамі з прыгожымі жаночымі імёнамі адбываліся канфлікты, годныя добрага дэтэктыўнага кіно. З інтрыгамі, саперніцтвам і нават падпалам маёмасці. Нажаль, фабрыка “Вікторыя” не перажыла рэвалюцыю.

А дэтэктыў пра іх, насамрэч, было б дзе паказваць у той час. Напачатку 20-га стагодзя, як мы ўжо прыгадвалі, культура ў Барысаве перажывала бадай свой самы моцны за ўсю гісторыю горада ўздым. Тут працавалі тры кінатэатры, гэта на абодвух берагах ракі. Трымалі іх, канешне, яўрэі. Было шмат культурніцкіх суполак і літаратурных гурткоў. А з 1880га года існавала таварыства драматычных артыстаў і было некалькі тэатральных груп, у тым ліку — ідышскі тэатр. Праўда, рэжысёрамі амаль ўсюды былі мужчыны, акрамя як у жаночай гімназіі. Там таксама быў аматарскі тэатр.

Культурніцкае жыццё ў горадзе стваралі звычайныя гараджане і гараджанкі. З запалкавай фабрыкі – таксама.

З працоўных шмат хто жыў менавіта на вуліцы, дзе мы зараз шпацыруем – 30ць год УЛКСМ. Калі прайсці далей па гэтай вуліцы за перакрыжаванне з вуліцай Ленінскай, злева ў дварах пабачым апошні зялёны драўляны барак. Кажуць, што ён застаўся яшчэ з тагачаснай жыллёвай забудовы для рабочых фабрыкі.

Але наш шлях ідзе па Паштовай вуліцы.

Шпацыр па вуліцы Паштовай.

Тапаграфічная падказка:
Мы пойдзем праз школьную тэрыторыю. Зправа застанецца будынак навучальнай установы, а мы выйдзем праз, увага, другую браму. Першая вядзе на вуліцу Ганчарная, а нам туды не трэба, а вось другая — на працяг вуліцы Паштовай. Спраўдзіце, калі ласка, свой маршрут па мапе.

0:00

Тут мы бачым аднапавярховую, тыповую для Барысава забудову. Паспрабуем уявіць сабе, як тут, побач запалкавай фабрыкі, жылося больш за сто год таму.  

Дарэчы, ці ведаеце вы, што адзін з самых вядомых жаночых бунтаў адбыўся ў 1880м годзе ў Лондане? Менавіта на запалкавай фабрыцы. Там выраблялі запалкі з белай серы, і гэта было вельмі небяспечна для здароўя жанчын, якія праз маленькія заробкі складалі большасць.

На абедзвюх нашых барысаўскіх фабрыках працавалі з чырвонай серай, больш бяспечнай. Але гэта не значыць, што ў барысаўскіх супрацоўніц не было матываў для страйкаў.

Жанчыны выконвалі фізічна складаную працу, а атрымлівалі за яе мізэрную аплату. Умовы працы былі надзвычай цяжкімі: адсутнічалі элементарныя прылады для вентыляцыі і агароджваючай тэхнікі. Многія жанчыны з навакольных вёсак, Новабарысава і самога Барысава займаліся вырабам каробак для запалак у хатніх умовах. На фабрыцы ім выдавалі паўфабрыкат — паперу і клей. Дома яны склейвалі і сушылі каробкі, а затым здавалі іх назад на фабрыку, і ўсё гэта за капейкі.

Як мы ведаем, напачатку 20-га стагоддзя рабочыя фабрык “Вікторыя” і “Беразіна” ладзілі сумесныя забастоўкі і атрымлівалі тое, чаго патрабавалі.  У 1906м адбылася такая забастоўка. У сваім дакладзе Дэпартаменту паліцыі мінскі губернатар пісаў: «26га ліпеня ў г. Барысаве рабочыя запалкавых фабрык «Вікторыя» і «Беразіна» спынілі працу, патрабуючы павелічэння заробкаў на 10ць адсоткаў, а таксама абавязковага наведвання фабрык лекарам не менш за два разы на тыдзень і штодня — фельчарам…».

Давайце паглядзім уважліва на тэкст дакладной цыдулкі. “Рабочыя запалкавых фабрык”. Як думаеце, які быў гендарны склад  пратэстуючых? Хто з іх патрабаваў штодзённых наведванняў фельчара? Хто падбухторваў, распаўсюджваў інфармацыю, пачаў забастоўку, прысутнічаў там?

Такім чынам, простая цытата з архіўных дакументаў хавае ад нас частку праўды. І ў гэтай схаванай частцы мы не бачым жанчын. Але разумеем, што яны там ёсць.

Калі паглядзім фотаздымкі “рабочых” на сайце краязнаўцы Аляксандра Разэнблюма за больш позьні савецкі час, мы пабачым, што ўсе запалкавыя стаханаўкі, тыя, за чый кошт цяжкай працы фабрыка дасягала вытворчых вынікаў — жанчыны, а ўсё начальства фабрыкі — мужчыны.

А калі мы дойдзем да галоўнай плошчы Барысава, даведаемся пра яшчэ адзін, выключна жаночы бунт барысаўчанак.

Тапаграфічная падказка:
Мы прыцягваем ісці па вул. Паштовай аж да цэнтральнага праспекта Рэвалюцыі, а там павярнем налева да гасцініцы “Бярэзіна” (пакуль яна яшчэ ё, бо гарадское кіраванне з яе збіраецца зрабіць інтэрнат для медыкаў).

Гасцініца “Бярэзіна” і спецыфічны “прывакзальны раён”.

Гасцiнiца "Бярэзiна"
Гасцiнiца «Бярэзiна»
0:00

Вярнуўшыся да праспекта Рэвалюцыі, мы трапляем ізноў у месца не так далёка ад вакзала, ля гасцініцы “Бярэзіна”, што сустракае гасцей, завітаўшых да нас па чыгунцы. Але не ўсе пагаджаюцца тут спыняцца.

Гэтаму ёсць тлумачэнне. Колькі кіламетраў вышэй па цячэнню, паблізу вёскі Студзёнка халоднай восенню 1812га года адбылася пераправа, дзе войска Напалеона моцна пацярпела. Штогод пад Барысавам ладзяцца ваенна-гістарычная рэканструкцыі з нагоды гэтай падзеі. У лепшыя часы горад наведвалі сотні гасцей з Францыі, Расіі, Польшчы, Літвы і іншых краін.

Дык вось, можаце лічыць за чарговы гарадскі міф, але французы пазбягаюць ночыць у гэтай гасцініцы. Менавіта праз назву “Бярэзіна”. Наколькі моцна пацярпелі французы на той пераправе, што дагэтуль у іх мове “Бярэзіна” з’яўляецца сінонімам слова “катастрофа”?

Акрамя трагічнага флёру назвы, вакол гэтага будынка існуе яшчэ некалькі сюжэтаў. Яны тычацца двух самых “тыповых” жаночых прафесій. Маем на ўвазе жанчын, уцягнутых у сэкс-працу, дзе хутчэй падыходзіць слова “занятак”, а не прафесія. І доктарак.

Што тычыцца першых, то “прывакзальны раён” заўжды і ў любым горадзе быў месцам кароткіх спатканняў, ашуканстваў, сумнеўных спраў і іншых “транзітных” стасункаў.  Жанчыны ж ва ўсе часы часцей пагаджаліся на сэксуальную эксплуатацыю. І няшмат што змянілася за стагоддзі. Бо права на рэсурсы, у тым ліку сэксуальныя – а менавіта жаночае цела такім рэсурсам і з’яўляецца,  звычайна належыць мужчынам. Жаночае цела можна (насамрэч — не) выкарыстоўваць для заробкаў. Калі іншыя магчымасці недасяжныя.

Трошкі далей па праспекце ў савецкія часы мясціўся рэстаран з такой жа назвай – Бярэзіна. Гутарка не пра сярэднявечча, а пра канец 20-га стагоддзя, 90-ыя гады. Замежныя (з Турэччыны) будаўнікі “адпачывалі” у гэтым рэстаране і сюды ж наведваліся барысаўчанкі з адпаведнымі мэтамі. Канец савецкай эры адзначыўся дэфіцытам, нізкімі заробкамі, беспрацоўем, і зразумела, што мужчына “у камандзіроўцы” і пры грошах — шанец на “лепшае жыццё” для правінцыйнай дзяўчыны, сям’я якой фінансава не мела магчымасці нават даць прыстойную адукацыю ў сталіцы ці абласным цэнтры. У Барысаве ж ніколі не было ўніверсітэтаў.

І гэтыя факты, і гэтыя асобы ніколі не ўваходзяць у афіцыйны “гераічны”, “мужчынскі”, “ардэнаносны” наратыў гораду. Аднак, дзякуючы краязнаўцы Аляксандру Разэнблюму, гарадская гісторыя ўсё ж захавала звесткі пра пэўную асобу, яўрэйку, якая сыйшла з жыцця яшчэ да рэвалюцыі. І нават ананімнага, як паштальёну, помніка ёй мы ніколі не дачакаемся. А дарма. Яна была вядомай гараджанкай і адной з самых заможных, бо трымала “забаўляльную ўстанову” з жанчынамі. У старой частцы горада, на левым беразе. Вядома, што працавалі ў “цёці Соні” (ці — Сэйнэ, яе памяталі менавіта так, без прозвішча) і яўрэйкі, і праваслаўныя. У іх быў уласны “сек’юрыці”, а таксама іх кожны тыдзень наведваў доктар.

Дарэчы, аб доктарскай прафесіі. На гэты занятак жанчыны доўгі час не мелі амбіцый, як і на вучобу, і на працу ў шмат якіх “мужчынскіх” сферах. Аднак, заўважым, што адной з першых расійскіх доктарак канца 19га стагоддзя была родная сястра нашага Івана Каладзеева, ў чыю сядзібу мы сёння не зазірнулі. А ў Еўропе часоў Рэчы Паспалітай? — Саломэ Русецка. Аванцюрыстка, вандроўніца і доктарка родам з Навагрудчыны.

А тут, у гасцініцы “Бярэзіна” яшчэ да пачатку Другой Сусветнай вайны мясцілася гарадская лякарня, створаная на базе радзільні, што зрабілася падчас акупацыі непатрэбнай. Галоўны ўрач цішком лекаваў савецкіх вайскоўцаў пад выглядам мясцовых жыхароў. Там жа, у лякарні жыла і працавала Ганна Татарская, беларуская лекарка родам з-пад Гомеля, яўрэйка. Яна атрымала дыплом хірурга ў Швейцарыі і праца тут была да месца. Аднак, нягледзячы на падтрымку галоўнага ўрача, адзін з “удзячных” пацыентаў здагадаўся аб яўрэйскім паходжанні Ганны. Яна была арыштаваная. І больш пра яе нічога не вядома..

І ў той жа час, у тыя ж дні 41-га года, жыццё іншай яўрэйскай дзяўчынкі было на валаску ад смерці, толькі з-за яе паходжання.

Дом і вершы Доры Васілеўскай.

Тапаграфічная падказка: Застаёмся тут жа, але звяртаем увагу на дом насупраць гасцініцы.

0:00

Звалі дзяўчынку Дора Васілеўская. Да вайны яна вучылася ў лепшай школе Мінска, была знаёмая з Янкам Купалам і марыла стаць акторкай яўрэйскага тэатра. Але вайна змяніла ўсё: іх дом разбамбілі, сям’я ўцякла з Мінска, перажыла эвакуацыю на Урале і ў Казахстане. Потым, пасля вайны, лёс прывёў яе ў Барысаў. Тут, на праспекце Рэвалюцыі, у доме нумар тры, яна пражыла шмат год, уцягнуўшыся ў жыццё горада з яго ціхімі вуліцамі і багатай спадчынай. Дора працавала тэхнолагам на макароннай фабрыцы, патрапіла ў яўрэйскую супольнасць і пачала пісаць апавяданні і вершы. У творах яна цёпла гаварыла пра свой Барысаў, вуліцы і знакавыя месцы, асабліва — праспект, які лічыла адным з самых прыгожых у горадзе.

Вершы Доры можна знайсці ў Цэнтральнай бібліятэцы Барысава. Дзе знаходзіцца бібліятэка ўбачым пазней.

Тапаграфічная падказка: Мы вяртаемся да перакрыжавання вуліцы Паштовай і праспекта Рэвалюцыі. Будынак, што нас цікавіць, знаходзіцца на супрацьлеглым баку праспекта.

Дом нумар 9, канструктывісцкі стыль.

Тапаграфічная падказка:
Мы можам застацца на гэтым баку і зрабіць некалькі здымкаў, а можам рухацца да геалакацыі “Дом нумар 9”, каб далей працягваць шпацыр па “няцотным” баку праспекта ў накірунку галоўнай гарадской плошчы.

0:00

За даваенным часам, а тым больш, да рэвалюцыі, Барысаў, канешне, выглядаў інакш. Цяперашні праспект, па якім мы шпацыруем, спачатку называўся Трубяцкога, потым — вуліца Свабоды, пад нямецкай акупацыяй. Як адбітак часу, мяняліся не толькі назвы, але і “адзенне” вуліц. Аднак, за сучасным дэкорам шыльдаў, электрычнасці, дарожнага “жывапісу”, аўтамабіляў і іншых сённяшніх прыкмет эпохі праглядваюць розныя гістарычныя напластаванні.

Звярнём жа ўвагу на будынак нумар 9.

Гэта адна з першых камяніц у Барысаве ў канструктывісцкім архітэктурным стылі. Новы час імкнуўся адмовіцца ад усяго “старасвецкага”, жанчын пазбавіць дамашняга рабства, змяніць буржуазны быт на грамадскую дзейнасць. Таму замест выкшталцоных дэталяў і шляхетных упрыгожванняў (якія яшчэ застаюцца дагэтуль на будынку вакзала, мы іх бачылі!), зрабіліся актуальнымі простыя формы і функцыянальнасць.

Замест прыватнай гасцёўні з гаспадарчым начыннем на ўсе выпадкі – фабрыка-кухня для працоўных. Замест утульнай шматпакаёўкі – жылая ячэйка. Нават часта без кухні і ваннага пакою.

Класавыя змены змянілі і выгляд гарадоў.

Па рознай вышыні вокнаў і паверхаў дома нумар 9 заўважна, што гэта два розныя, але аб’яднаныя архітэктурнымі элементамі будынкі. Лесвіца, што вытыркаецца на вуглу, – рызаліт з выцягнутым па ўсёй вышыні шклом, – характэрны элемент, менавіта па якім мы можам пазнаць канструктывізм. Альбо — савецкі авангард. Слова “авангард” перакладаецца як перадавы ці наватарскі. Адмысловая прыкмета савецкага часу.

Зараз мы перасунемся да зялёнай зоны і прагуляемся па гарадскому парку “Імя Максіма Горкага”. Падаецца, парк — таксама сведка эпохі савецкіх наватараў. Аднак, ён значна старэйшы за будаўнікоў камунізма.

Тапаграфічная падказка:
Наша наступная кропка – уваходная брама ў гарадскі парк.

Парк імя Горкага з гісторыяй, значна даўнейшай за Горкага.

Тапаграфічная падказка:
Можна заставаца ля брамы падчас гэтага трэка, альбо працягваць рухацца, альбо ўвайсці ў парк і прысесці на  скамейку. Далёка лепей не заходзіць, бо на нашым маршруце яшчэ ёсць аб’екты, дзе мы спынімся — “Мішкі” і “Дзяўчынка з кнігай”.

0:00

Спынімся перад брамай.

Справа ад ўваходу калісці стаяў помнік правадыру пралетарыяў, Уладзіміру Леніну. Ільіч быў пастаўлены тут на грошы, сабраныя барысаўскімі працоўнымі ў 1934. Народная прага ўвекавечыць галоўны медыйны твар камунізма так моцна натхніла “беларускага песняра” Івана Луцэвіча, якога мы ведаем пад псеўданімам Янка Купала, што ён нават стварыў паэму. Назваў яе “Барысаў” і дэталёва, ў эпічным стылі, апісаў гісторыю горада. Цытаваць не будзем. Ільіч жа быў разбураны падчас нямецкай акупацыі, потым адноўлены.. потым дэмантаваны і створаны новы. З ім яшчэ сустрэнемся. А з камунізмам тут, бадай, усё.

Далей наш шпацыр пойдзе па галоўнай алеі.

Мы можам пачынаць рухацца.

Трэба дадаць, што прысвячэнне паркаў і палацаў культуры савецкаму пісьменніку Максіму Горкаму, што як і наш Купала, карыстаўся гучным псеўданімам, звязана з тым, што парку далі гэтае імя, магчыма, праз тагачасную савецкую традыцыю… Першы такі з’явіўся ў 1932м годзе ў Маскве. У гэты год пісьменнік прыехаў з Італіі, дзе лячыўся ад хваробы. Яму споўнілася шэсцьдзесят пяць. І сорак год літаратурнай дзейнасці. У савецкім саюзе гучна адзначалі гэтую дату. Не дзіва, што шмат у якіх гарадах з’явіліся паркі Горкага.

Агулам, ніякага дачынення гэты чалавек да нас не мае. Тым больш, што парк тут з’явіўся яшчэ напрыканцы 19га стагоддзя.

Калі пабудавалі чыгуначную станцыю Новабарысаў, для аховы пасада арганізавалі кавалерыю (іх казармы мы пабачым крыху пазьней, яны амаль поўнасцю захаваліся). Для афіцэрскіх жонак пакінулі кавалак леса ля станцыі, каб панначкі маглі рамантычна шпацыраваць тут пад ручку са сваімі кавалерамі. І гэта быў першы парк у гісторыі Барысава. Дагэтуль гараджане прагуліваліся хіба па развадным мосце праз Бярэзіну, пабудаваным інжэнерам Бычкоўскім. Але развадны мост і яшчэ адзін інжэнерны цуд – Шухаўская вежа — гэта іншая гісторыя для іншай экскурсіі.

Калі прайсці трошкі па галоўнай алее наперад, па правым баку, у глыбіні, мы бачым дзіўнаватую скульптуру з белымі паўночнымі мішкамі. Напэўна, няма ніводнай барысаўскай сям’і, у фотаальбомах якой адстутнічаюць здымкі з гэтымі мядзведзямі. У пасляваеныя гады, ды й яшчэ да канца 80-х гэты парк быў адным з любімых месцаў сямейнага адпачынку. З каруселямі тыпу рамашка, чортава кола, лодачкі, машынкі… З марозівам. З Зімнім клубам, дзе праводзіліся святы. З летняй танцпляцоўкай.

А вось у змрочныя 90я, якія мы ўжо трошкі ведаем праз гісторыю з гасцініцай і рэстаранам “Беразіна”, што месцяцца побач, гуляць тут было вельмі небяспечна. І больш за ўсё для жанчын. Парк вельмі дрэнна асвятляўся. Атракцыёны трухлелі і руйнаваліся. Сродак аховы для жанчын тут быў адзін – не хадзіць ў цёмны час без суправаджэння.

А вось тут увага, мы набліжаемся да адной з ажно двух жаночых скульптур на нашым маршруце. 

Гэта ананімная дзяўчына з кнігай, што сімвалізуе прагу да ведаў. Была замоўленая горадам да Дня беларускага пісьменства ў 2008м годзе. Заказчыкі, напэўна, нічога дрэннага не мелі на ўвазе, але безымянная паненка быццам прамаўляе: я ўмею чытаць і маю права на адукацыю! (бо так было не заўжды). Альбо: мая місія – несці святло ведаў!

Канешне, калі мы паглядзім на сучасны гендарны баланс педагагічнага складу барысаўскіх школ, то заўважым, што перавага дакладна на баку жанчын. Але не праз місіянерства і “закладзеную прыродай здольнасць навучаць”, а праз нізкія заробкі і цяжкую, часта няўдзячную працу.

Застаецца толькі задавацца пытаннем, чаму мы не бачым тут выяву, прысвечаную пэўным барысаўскім настаўніцам. Альбо літаратаркам. Альбо, на крайні выпадак, усеагульнабеларускім першаасветніцам. А ізноў атрымліваем абязлічаны, схематычны вобраз.

Зараз па парку гуляць бяспечна. Хаця і заўважна, што час свайго буйнога росквіту і маляўнічых дзён ён ужо перажыў.

Пройдземся далей і паспрабуем уявіць сябе кімсці з пачатку дваццатага стагоддзя.

Тут было б няблага, каб хтосьці зайграў нам мазурку ці вальс.

Тапаграфічная падказка:
Рухаемся да зімняга клубу — драўляны будынак напрыканцы цэнтральнай алеі, а далей направа — выхад з парка. І зноў направа па вуліцы Леніскай. Па правым баку да парка прылягае спартовы цэнтр, пабудаваны тут на месцы былога стралковага клуба. Наш маршрут пралягае ўздоўж агароджы парка да перакрыжавання з праспектам Рэвалюцыі.

“Радзіма”, якой больш не існуе.

Некалькі год таму, нягледзячы на спробы гараджан паўплываць на рашэнні выканкаму, любімы кінатэатр быў прыбраны праз “небяспечнасць” і на ягоным месцы пабудавалі адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр, архітэктурны стыль якога, як сцвярджаюць аўтары праекта, не супярэчыць суседняй забудове.  Мы можам на ўласныя вочы спраўдзіць, ці так гэта. А вось пабачыць,  як выглядаў кінатэатр, можна ў 4ай серыі барысаўскага серыяла “Школа”, сцэну з якога мы ўжо прыгадвалі на пероне вакзала.

0:00

На скрыжаванні вуліцы Ленінскай і праспекта Рэвалюцыі нас сустрэне былы партал сярэдзіны дваццатага стагоддзя. Былы, таму што раней праз “архітэктурны ансамбль” дамоў 14 і 12 (перад намі, на тым баку праспекта) і кінатэатра Радзіма (насупраць іх, з левага боку ад нас), які быў разбураны, мы траплялі ў кавалачак пасляваеннага, адбудаванага Барысава. І месца кранала сваёй настальгічнасцю, як і мішкі ў парку. У кінатэатр гараджане хадзілі на ўсе прэм’еры. Побач у кафетэрыі прадаваліся пірожныя і ліманад. Чэргі за квіткамі, дзе можна было сустрэць суседзяў, падглядзець смешныя сцэнкі і нават закахацца… Кажуць, у 80я тут працаваў мастак, што маляваў сваю каханую на кожнай афішы, змяняючы толькі колер валасоў і вачэй, бо баяўся ёй адкрыта прызнацца. Яна так і не здагадалася пра ягоныя пачуцці, выйшла замуж за маладога афіцэра і з’ехала з ім у Нямеччыну. А мастак з гора запіў і яго звольнілі. Чарговы гарадскі міф? А, можа быць, і праўда.

Яшчэ адзін факт пра гэтае месца. Тут побач знаходзяцца фонды барысаўскага краязнаўчага музея. І так гістарычна склалася, што большасць людзей, што прафесійна захоўваюць гісторыю гэтага гораду, – жанчыны. Напрыклад, галоўнай захавальніцай фондаў яшчэ нядаўна была вядомая краязнаўца Тамара Кандзідава.

Канструктывісцкія будынкі на праспекце Рэвалюцыі, спраектаваныя жанчынай.

Тапаграфічная падказка:
На тым жа скрыжаванні вуліцы Ленінскай і праспекта Рэвалюцыі.

Для аматараў “падглядзець рэаліі” і зрабіць здымкі маем прапанову наведаць адзін з пад’ездаў дома нумар 12. Дзверы звычайна адкрытыя.

0:00

Застаемся на скрыжаванні вуліцы Ленінская і праспекта Рэвалюцыі. Бо перад намі цікавыя будынкі.

Гэта жылыя дамы нумар 12ць і 14ць.

Пачнём з таго, што яны абодва былі спраектаваныя жанчынай. Архітэктаркай, якая працавала над забудовай Барысава і аднаўляла Менск, Наталляй Маклецавай. Дамы гэтыя пабудаваныя ў першай трэці мінулага стагоддзя. Пра што кажуць лічбы на фасадах дамоў.

Разглядаючы гэтыя дзве камяніцы, мы ізноў звяртаем увагу на прыкметы канструктывісцкага стылю. У 1920ыя-1930ыя гады, калі будаваліся гэтыя дамы, панавалі, як мы памятаем, простыя формы. Дах праектаваўся так, каб ствараць ураджанне, што ён плоскі. А на фасадах часта выкарыстоўвалі вертыкальныя агароджы і выцягнутыя шкляныя аздабленні лесвічных пралётаў. Такім чынам фасад атрымліваўся ступеністы, кожная жылая секцыя вылучалася. Паглядзіце, гэта добра бачна на абодвух дамах. І цалкам гэта надае забудове напорысты рытм. Які арганічна ўпісваецца ў канцэпцыю часу “наватараў і пралетарыяў”, што будавалі светлую будучыню.

Аднак, наватарская ідэя перанакіраваць усю энергію грамадзян савецкага саюза з бытавых і асабістых пытанняў на агульна-грамадскія, па выніку, пацярпела. Жанчыны, атрымаўшы права на працу ўпоравень з мужчынамі (але з меншымі заробкамі..), захавалі ўсю сваю дамашнюю нагрузку па вядзенню быту, клопату пра састарэлых і малалетніх.. і гэтак далей. І, канешне, замест “жылых ячэяк” барысаўчанам і барысаўчанкам усё ж хацелася мець утульнае жытло, сямейныя стасункі і штосьці на чорны дзень, бо запас бяды не чыніць. Таму жылыя ячэйкі ізноў пачалі пераўтварацца ва ўтульныя гнёздышкі. А жанчыны — у “ахоўніц сямейных ачагоў”. У сваю “другую змену”, па-за асноўнай працай.

Цяпер падыйдзем да новага будынку, што злева ад нас.

Кінатэатар тут быў пабудаваны напрыканцы 50-х па тыповым тагачасным праекце. З калонамі на ганку. Не канструктывісцкі. З манументальным сталінскім ухілам. Але выдатна дапаўняў забудову насупраць.

Ведаючы асноўныя прыкметы канструктывісцкага стылю, вы можаце самі вырашыць, ці спраўляецца з задачай гэты новабуд.

Скрыжаванне з “жаночай” вуліцай 8 Сакавіка.

Тапаграфічная падказка:
Рухаемся ў бок скрыжавання праспекта Рэвалюцыі з вуліцай 8 сакавіка.

0:00

Адразу за ”былым кінатэатрам Радзіма” знаходзіцца таксама “былы” рэстаран з брэндавай барысаўскай назвай “Бярэзіна”, дзе, як мы памятаем, турэцкія будаўнікі знаёміліся з барысаўчанкамі. Цяпер там крамы і паб Догма. Калі вы стаміліся, ці прагаладаліся, ці вам трэба наведаць прыбіральню, рэкамендуем спыніцца тут.

А наступнае скрыжаванне праспекта Рэвалюцыі – з вуліцай 8 сакавіка. Зараз тут па адрасе праспект Рэвалюцыі, 22 месціцца крама кветак. Сімвалічна, што на скрыжаванні з вуліцай “жаночага свята” . Дарэчы, гаспадыні крамы — жанчыны. Тут прадаюцца сезонныя кветкі, якія вырошчваюцца ў цяпліцы недалёка ад Жодзіна. Па сакрэце – вы можаце набыць тут сувеніры пра Барысаў са зніжкай па прамакоду “аўдыягід”.

Гарадскі міф пра гестапа.

Тапаграфічная падказка:
Застаемся на скрыжаванні. Глядзіце кропку па геалакацыі.

0:00

Вуліца 8 сакавіка цікавая тым, што яна адна з нямногіх у Барысаве праз сваю назву мае непаспрэднае дачыненне да жанчын. Хаця само свята некалькі разоў змяняла свой сэнс на супрацьлеглы.

З двух бакоў праспекта мы бачым два дамы. Па няцотным баку – скурна-венерычны дыспансэр у двухпавярховым будынку. З брамкай у выглядзе аркі, што вядзе ў двор.

А насупраць яго – раённы пастарунак. Нядаўна адрэмантаваны.

Абедзве ўстановы па сваіх задачах (як і гасцініца з рэстаранам) вельмі пасуюць прывакзальным кварталам.

Аднак, акрамя жартаў, тут мы маем яшчэ адзін гарадскі міф.

Гэтыя два дамы былі пабудаваныя ў даваенны час. Тут мясціліся аддзел НКУС (больш вядомая расейская абрэвіятура НКВД), а падчас вайны – Гестапа. Кажуць, паміж гэтымі дамамі існуе падземны ход. Не будзем правяраць.

Калі паглядзім направа па вуліцы 8 сакавіка, з супрацьлеглага тарца ў канцы жылога дома, наступнага пасля дыспансэра, ужо шмат год працуе адна з самых папулярных мясцовых цырульняў з назвай Студыя А. Гаспадыняй якой з’яўляецца жанчына. А будынак побач цырульні, ён бачны з нашага скрыжавання – гарадское тэлебачанне. Менавіта там у 2010м і 11м гадах здымалася ў нашым дамашнім серыяле “Школа” барысаўская дзяўчына, зараз вядомая спявачка — Іва Саціва. Яшчэ адна актрыса, што грала галоўную ролю, стварыла ўласны тэатральны праект у Гданьску, у Польшчы. Гэты серыял быў такі адзіны на ўсю Беларусь, зняты рэгіянальным тэлебачаннем. Нагадваем, аўтарка ідэі і адна з прадзюсарак — жанчына. Адна з рэжысёрак — таксама.

Зараз мы пойдзем далей па праспекце, але калі б прайшліся трошкі па 8 сакавіка ў левы бок, мы б пабачылі там прыгожы, ужо састарэлы будынак аддзялення  духавых і музычных інструментаў музычнай школы.

Адхіленне ад маршрута ў бок клезмерскай музыкі.

Тапаграфічная падказка:
Можна прайсціся да будынку аддзялення духавых і ўдарных інструментаў (глядзіце геалакацыю) і паслухаць пра яўрэйскіх музыкантаў і музыкантак. А можна адпачыць пад туямі на скамейках. Альбо, увогуле, прапусціць гэты кавалак маршруту і рухацца далей — уздоўж праспекта, адзін невялікі квартал. Пераходзячы праз вуліцу Пралетарскую, спынімся ля помніка на баку цотных дамоў праспекта Рэвалюцыі.

Будынак аддзялення духавых i ўдарных iнструментаў: вiд з фасаду
Будынак аддзялення духавых i ўдарных iнструментаў
0:00

Тут ёсць нагода распавесці, чаму важна ведаць пра духавые інструменты, Барысаў, жанчын і яўрэяў.

Клезмеры — яўрэйскія музыкі, як і народныя музыкі любой традыцыі, беларускай ці іншай, гэта заўжды былі выключна мужчыны. І калі беларусы давяралі сваім жонкам і дочкам хаця б бубен, рэдка якія іншыя інструменты, у яўрэяў жанчын у капэлю ўвогуле не бралі. Такі вось мужчынскі прывілей. Традыцыя беларускіх музыкаў працягвалася недзе да 1980х, пакуль іх не змянілі электрагітары і магнітафоны. А вось апошнія клезмеры, па краязнаўчых звестках, з’ехалі з Барысава недзе ў паслярэвалюцыйны час. Вядомы ў Еўропе і Амерыцы джазавы кіраўнік духавога аркестра Сэм Баскінд – з Барысава. Запісы ягонага аркестра ёсць у Сеціве. Яго можна лічыць за апошняга барысаўскага клезмера.

Агулам, праз Халакост і антысемітызм клезмерская традыцыя зьнікла. Яна пачала аднаўляцца ў Амерыцы ў 1970х. Але дзе тая Амерыка, і дзе наш Барысаў. І дзе тое аддзяленне духавых інструментаў. Аднак, ў 2017м, недзе праз сто год, як Сэм Баскінд з’ехаў у эміграцыю, барысаўская капэля Жыдовачка вырашыла аднавіць клезмерскую традыцыю.

У гісторыі беларускага клезмера і, ўвогуле, у гісторыі традыцыйнай танцавальнай музыкі Беларусі гэта быў першы прыклад, калі жанчыны наўмысна прыўлашчылі мужчынскі музычны занятак. А за імі пачалі з’яўляцца і іншыя, беларускія, жаночыя капэлі.

Саму музычную школу можна будзе пабачыць у наступных кропках маршруту. А тут толькі адно з яго аддзяленняў — духавых і ўдарных інструментаў.

І калі б мы прагуляліся яшчэ далей па вуліцы 8 сакавіка, мы б дайшлі да вуліцы Ганчарнай. І што цікава, там зараз жыве ганчарка, якая займаецца традыцыйна “мужчынскай” працай.

Яшчэ там ёсць старая барысаўская лазня, зараз зачыненая. А чаму яна там? Таму што Барысаў заўжды меў значную частку прыватнага сектара і не паўсюль быў цэнтралізаваны вадаправод. А зараз уявіце сабе, як жанчыны пралетарскіх часоў, дый нават яшчэ ў 1980х, у сваіх жылых ячэйках спраўляліся з праннем бялізны на ўсю сямью. Атрымаўшы пры гэтым працоўны абавязак на блага маладой савецкай дзяржавы аднолькава з мужчынамі.

Вяртаючыся абратна да праспекта Рэвалюцыі можна паглядзець унутраныя дворыкі дамоў, што стаяць уздоўж праспекта. Бо часта бывае парадным толькі выгляд з вуліцы. Ці падаюцца гэтыя закуточкі ў цэнтры гораду ўтульнымі і прыставанымі для сталых людзей, для бацькоў з малымі дзецьмі?

Помнік Люсі Чалоўскай.

Гэты манумент створаны беларускім скульптарам Сяргеем Селіханавым, адным з аўтараў знакамітага манумента «Нескароны чалавек» у мемарыяльным комплексе «Хатынь».

0:00

Мы знаходзімся ля помніка барысаўскай партызанкі, Люсі Чалоўскай.

Не часта сустракаем прыклады мемарыялізацыі жанчыны, дый яшчэ персаналізаваныя. І гэта не толькі ў Барысаве. У постваенным наратыве мінулага стагоддзя, часцей за ўсё гэта будзе архетыповая фігура “маці, што чакае сыноў-салдат”. Аднак Люся — гэта іншы сюжэт.

Яна выхоўвалася ў музычнай сям’і. Пасля вайны ейны малодшы брат выбраў музыку сваёй прафесіяй. Ён выкладаў музыку і ўзначальваў музычныя школы ў Жодзіна і Барысаве. Люсю чакаў іншы лёс. За часам нямецкай акупацыі яна была сувязной і разведчыцай у партызанскай брыгадзе “Дзядзі Колі”. Яе ведалі пад мянушкай “Луна”. Яна пераапраналася сялянкай і здабывала каштоўныя дадзеныя. Падчас аперацыі па захопу нямецкага маёра яна прыйшла на вечарынку і таньчыла з нямецкімі афіцэрамі. Агулам, зрабіла каля паўсотні разведчыцкіх рэйдаў. Дзякуючы ёй, былі арганізаваныя падрывы на стратэгічна важных аб’ектах – на чыгунцы і на запалкавай фабрыцы.

У сорак трэцім Люсю схапілі падчас задання. Допытамі ад дзяўчыны нічога не дабіліся. Яна была растраляная. На хвіліначку, дзяўчыне было ўсяго 19ць год.

Ёсць яшчэ адна цікавостка. Вядомая спявачка Дыяна Арбеніна — унучатая пляменніца нашай барысаўскай Люсі.

Каладзееўскія казармы.

0:00

У адным з самых маленькіх трэкаў нагадваем пра стары Нова Барысаў!

Амаль насупраць помніка Люсі Чалоўскай, на другім баку праспекта і за дамамі з аркай паміж імі, нумары 25 і 27, знаходзяцца тыя самыя “каладзееўскія казармы”, у якіх размяшчалася кавалерыя для аховы нядаўна пабудаванага ля чыгуначнай станцыі Новабарысаўскага пасада.

Зараз гэта вайсковая частка палку сувязі. А тое, што казармы былі “каладзееўскімі”, няшмат хто з гараджан сёння ведае.

Не будзем спыняцца тут надоўга, працягнем шпацыр па праспекце Рэвалюцыі.

Уздоўж праспекта Рэвалюцыі.

Тапаграфічная падказка:
Рухаемся далей у бок плошчы, звяртаючы увагу на вуліцы, што прымыкаюць да праспекта. Нас цікавіць вуліца 1 Ліпеня (глядзіце геалакацыю), там мы спынімся на кароткі час. А хто жадае, можа прагуляцца да месца, дзе калісці была вядомая на ўвесь свет Барысаўская “Піянінка”. Далей вуліца 1 ліпеня вядзе да Бярэзіны, туды таксама можна прагуляцца

0:00

З правага боку да праспекта Рэвалюцыі прымыкае некалькі вуліц, што злучаюць яго з індустрыяльнай часткай, да якой мы завітвалі напачатку нашага маршруту і якая месціца ўздоўж правага берага Бярэзіны паміж аўтамабільным і чыгуначным мастамі.

Як вы маглі заўважыць, зараз шмат кватэр на першых паверхах выведзеныя з жыллёвага фонду і там працуюць кавярні, аптэкі, розныя невялічкія крамы з прадуктамі. На павароце на вуліцу Карла Маркса можна знайсці ўтульную кавярню, а далей — будынак суда, падатковую, дзіцячы садок і яшчэ далей – лазню са спартовымі забавамі і, нарэшце, уперціся ў завод.

Аднак, гэтая частка горада, як мы бачым, пакуль што выглядае на месца, дзе людзі не толькі працуюць, але і жывуць.

Па абодва бакі праспекта можна зазірнуць у дворыкі і нават амаль у кожным пабачыць нешта падобнае на дзіцячыя пляцоўкі. Тут растуць, відавочна, немаладыя дрэвы. Яны ствараюць утульную атмасферу ў дыялогу з адносна старой, абжытай забудовай. Так, у некаторых кватэрах тут жывуць ужо некалькі пакаленняў барысаўчан. Але, падобна, час бяжыць хутчэй, чым паспявае адаптавацца да яго цэнтр гораду.

Нязручнасць гэтага раёну адчуваецца праз сканцэнтраванасць адміністрацыйных устаноў. Тут няма дзе прыткнуцца вялікаму гіпермаркету, і жыхары гэтых вуліц вымушаныя наўмысна ехаць на закупкі ў іншыя мікрараёны. З паркоўкамі таксама пытанне — двары перапоўненыя. Паблізу няма бяспечных зялёных зон для спакойных прагулак з вазочкамі і гульняў з малымі. А пра адсутнасць грамадскіх прыбіральняў мы папярэдзілі напачатку прагулкі. Але хутка дойдзем да Плошчы.

На вуліцы Першага ліпеня, што пазначана ў геалакацыі да гэтага трэка, калісці напоўніцу працаваў завод Чырвоны металіст, дзе рабілі посуд, сталовыя прыборы, тэрмасы і іншыя металічныя вырабы. А яшчэ далей – зараз зруйнаваная, вядомая па ўсім савецкім саюзе і далёка за ягонымі межамі фабрыка музычных інструментаў -“Барысаўская піянінка”.

Фабрыка, сапраўды, легендарная. На якой працавала шмат барысаўчанак. Піяніны тут выраблялі з 1930х гадоў, і яны раз’язжаліся па ўсім свеце. Таксама – канцэртныя ці класічныя цымбалы. Так, класічныя, бо яны былі зробленыя на аснове самаробных народных. Дарэчы, калі шукаць апошніх цымбалістаў Барысаўскага раёна, то, па нашых дадзеных, некалькі з іх працавалі наладчыкамі на “піянінцы”. А зараз на такіх, самаробных цымбалах, беларускія танцы на вечарынках і святах граюць пераважна дзяўчаты. Сто адсоткаў, як толькі прафесія народнага музыкі ізноў стане прэстыжнай, мужчыны ў яе будуць вяртацца.

Клуб “піянінкі” знаходзіўся насупраць галоўнага ўвахода ў фабрыку. І, па ўспамінах гараджан, там была вельмі прыдатная канцэртная заля. Калі будынак вырашылі рэканструяваць (як і кінатэатр Радзіма), рэжысёр Барысаўскага народнага тэатра быў вельмі сумны, бо такой цудоўнай акустыкі больш нідзе ў горадзе не было. Дарэчы, менавіта ў той залі з выдатнай акустыкай і чытаў Янка Купала сваю эпічную паэму “Барысаў”. Прычым, наведваў нас ён не аднойчы, аб чым сведчыла шыльда на ўваходзе ў будынак былой фабрыкі. Купала быў частым госцем, бо прыязджаў у Барысаў да сваёй сястры — Марыі Дамінікаўны Луцэвіч, па мужу — Аўлачынскай.

“Бабій” ці “хлебны” бунт.

Тапаграфічная падказка:
Мы рухаемся да крамы Водар хлеба (справа, па цотным баку праспекта), побач прыпынку грамадскага транспарту.

0:00

Тут, па правым баку вуліцы бачым звычайны аўтобусны прыпынак, за якім месціцца звычайная хлебная крамка.

Гэта фірмовая крамка Барысаўскага хлебазавода з сімпатычнай назвай “Водар хлеба”. Тут можна набыць каву з пірожным ці блінчыкам з якім смачным начыннем ці свежаспечаны батон. І прайсці далей, каб прысесці на лавачкі “цэнтральнай плошчы”, як завуць мясцовыя. Ці “плошчы Леніна”, як называюць прыезжыя.

Чаму менавіта ля хлебнай крамы мы прапануем спыніцца.

Ці знаёмы вам выраз “бабій бунт”? Як думаеце, якім чынам гэты выраз звязаны з хлебам і барысаўскімі жанчынамі? Аказваецца, наўпрост.

Распавядаючы аб запалкавай фабрыцы, мы ўзгадвалі нябачны ў гістарычных крыніцах, але цалкам верагодны жаночы ўдзел ў забастоўках пачатку дваццатага стагоддзя. Дык вось у 1932м годзе, калі маладая савецкая дзяржава праз сваю новую эканамічную палітыку індустрыялізацыi і калектывізацыi апынулася ў моцным крызісе (мы памятаем пра галадамор ва Ўкраіне, які афіцыйна прызнаны генацыдам), у Беларусі таксама людзі галадалі. І гэтыя факты па сённяшні дзень замоўчваюцца, і шмат што з архіваў 30-х гадоў не рассакрэчана. А сітуацыя была невыносна цяжкая і пагоршылася чарговым загадам скараціць нормы хлеба. Дагэтуль кожная працоўная сям’я па праграме дзяржаўнага забеспячэння атрымлівала ад паловы да двух кіло мяса на месяц. Але — на мужчыну. Жанчынам і дзецям мяса не давалі. Толькі хлеб. 200-300 грамаў на дзень. Чарговы загад здымаў і гэтыя нормы. Такім чынам, дзеці заставаліся не толькі без мяса, але і без хлеба.

Барысаўскія жанчыны, як сведчаць дакладныя цыдулкі, выйшлі на вуліцы з крыкамі “Бей усіх з савецкіх бл..дз..й!” і пачалі блакаваць хлебныя крамы і грабіць павозкі з хлебам. Міліцыя адмаўлялася арыштоўваць іх, бо, як казаў адзін з міліцыянтаў – мы самі галодныя. Потым жанчыны пайшлі да вайскоўцаў чырвонай арміі ў спадзевах на дапамогу і крычалі свае патрабаванні там. Праз пару дзён да жанчын далучыліся мужчыны. Мясцовыя чэкісты і сталічнае партыйнае кіраўніцтва былі перапалоханыя. Па выніку, хлеб у горад завезлі і дзецям іх нормы хлеба вярнулі. Але пасля гэтых падзей, калі ўсё сцішылася, 54 чалавекі, з іх трое дзяцей, былі арыштаваныя. Лёс некаторых з іх невядомы. Ёсць звесткі, што яны атрымалі да трох год ссылкі. А мінскае кіраўніцтва абвінаваціла барысаўскіх начальнікаў, што тыя не растлумачылі як трэба барысаўчанам аб карысці і мэтазгоднасці скарачэння пайкоў.

Па звестках з артыкулаў па гэтай тэме,“бабій” ці “хлебны” бунт увайшоў у чэкісцкія падручнікі. Пасля здарэння былі “прынятыя меры” і кіраўніцтва іншых раёнаў папярэдзілі, як на “прыкладзе Барысава” не дапусціць паўтору ў іншых месцах.

У якасці сувеніра прапануем набыць у “Водары хлеба” самы ў свеце смачны і свежы барысаўскі батон і далей рухаемся на.. іпадром! То бок, на галоўную гарадскую плошчу.

А калі будзеце з’язджаць з горада праз аўтавакзал, раім зазірнуць ў De Baton у гандлёвым цэнтры Мандарын. Гэтую пекарню адкрыла жанчына з Жодзіна, што цікава — пакуль была ў дэкрэтным водпуску. У сэнсе, не адпачынку. А ў водпуску ад асноўнай працы дзеля працы па дагляданню і выхаванню дзіцяці.

Галоўная плошча са спартовым вайбам

Тапаграфічная падказка:
На геалакацыі пазначаны Ленін, каб не пераблытаць і таму што яшчэ ля парка абяцалі з ім новую сустрэчу.

0:00

Вэлкам на іпадром!

Канчаткова наша плошча сфарміравалася, як плошча, у 70ыя-80ыя гады мінулага стагоддзя. Раней гэта быў іпадром, потым стадыён. Калісьці нават адна з вуліц, што вяла сюды, звалася Спартыўная.

Палюбавацца плошчай можна з некалькіх кропак і паглядзець, што цікавага тут маем.

Харошы від адкрываецца з пекарні “Каласкі” у Доме быта. Альбо з другога паверха бібліятэкі – з карціннай галерэі Валера Шкарубы, знакамітага мастака родам з Барысава. Дачка якога, Вольга Шкаруба, таксама мастачка. І яна не адзіная са знакамітых барысаўчанак у гэтай галіне — Наталля Царык, Таццяна Сергіенка, Яніна Клімковіч і іншыя, пра каго можна даведацца ў галерэі.

А можна проста сесці на лавачку спіной да вуліцы Чапаева і паглядзець на цікавы архітэктурны ансамбль – штаб войска і дЗве “сталінкі”, што да яго прымыкаюць. Тут і Ленін нам, і канцэрты гарадскія, і зімой елка пасярэдзіне, і феерверкі.

Дарэчы, спартовы флёр дагэтуль вітае недзе над плошчай. Бо далей па вуліцы Чапаева месціцца спартовая школа. Там пачынала сваю кар’еру більярдыстка Кацярына Перапечаева — майстар спорта міжнароднага класу і чэмпіёнка Еўропы 2015 года. А ўсё пачалося з таго, што тата прачытаў у мясцовай газеце абвестку пра набор у дзіцячую секцыю і прывёў туды Кацю..

А калі мы пойдзем далей па праспекце да Палаца культуры, па правым баку ў нас будзе стары, але дзейсны басейн. І далей, калі павярнуць з праспекта направа, знойдзем яшчэ адзін філіял спартовай школы.

З улікам татальнай адсутнасці грамадскіх, на плошчы ёсць две прапановы па наведванню цёплых прыгожых прыбіральняў – бібліятэка і дом гандлю. Абодва месца можна назваць “жаночымі ўладаннямі” праз жаночую большасць супрацоўніц.

У будынку, што прымыкае да Дома гандлю, месціцца пошта. А ў куточку, там дзе далучаецца будынак выканкама – была міжнародная “перагаворка”. Ці памятаеце каб хаця б калісьці хтосьці папрасіў – мущщина, соедините? Не. Бо тэлефаністка — гэта таксама “жаночая” прафесія. Як і шмат якая ў сферы абслугоўвання, прынамсі ў Барысаве.

Архітэктурны “пункцір”

Тапаграфічная падказка:
Наш маршрут цягнецца па баку “сталінак” і старога басейна, далей, у бок Гарадскога Палаца Культуры. 

0:00

Пакідаючы плошчу, зафіксуем у памяці “архітэктурны” пункцір. Да якога далучаюцца яшчэ два дамы — 37м і 39ць, насупраць будынка старога басейна. Гэта унітарнае прадпрыемства Жыллё і аддзел культуры. Дамы былі пабудаваныя яшчэ да Другой сусветнай, магчыма, пры Каладзееве. Такім чынам, калі б захаваўся кінатэатр Радзіма, гуляючы па праспекце Рэвалюцыі, мы маглі б перасоўвацца паміж рэшткамі мадэрну, канструктывізму і сталінскага ампіру.

Тут жа, на праспекце Рэвалюцыі, стаіць адзін з першых дзевяціпавярховікаў горада, пабудаваны ў 1980-я гады. У свой час гэты дом лічыўся прэстыжным, а на яго першым паверсе знаходзіліся знакавыя для горада месцы.

Напрыклад, адзінае ў Барысаве Кафэ-марозіва. Сюды з’язджаліся з усяго горада, каб пакаштаваць мяккае марозіва ў креманцы і малочныя кактэйлі. Побач быў (і застаецца) ЗАГС.

Моднае, сучаснае месца мела свае асаблівасці. Даволі хутка вокны гэтага дома, як і суседніх будынкаў, пачалі муціцца. Прычынай таму былі прамысловы пыл і выкіды Барысаўскага крыштальнага завода. У працэсе вытворчасці шкла ў паветра падымаўся дробны пыл з часціцамі кварца, сажы і хімічных злучэнняў, якія асядалі на шкле, робячы яго цьмяным. Памутненне знікала пасля мыцця вокнаў, але рабіць гэта жыхарам даводзілася часта. Жыхары не раз скардзіліся на праблему, былі разбіральніцтвы, але як гэта вырашалі — невядома. Прыватны сектар абапал завода таксама пакутваў праз крышталь. Бо ўсё гэта трапляла на гароды і сады.

На сёняшні дзень крыштальны завод больш не вырабляе прыгожы посуд з аўтарскім аздабленнем, а перапрафіляваны пад вытворчасць медыцынскага шкла.

Аднак, звярнём увагу на будынак, што на правым баку праспекта, ля басейна, хаваецца за дрэвамі.

Паліклініка і жаночая дынастыя доктарак

0:00

Гэта адна з найстарэйшых паліклінік Барысава — нумар два. Як і ўва многіх іншых медыцынскіх установах горада, традыцыйна тут працуюць у асноўным жанчыны — лекаркі і медсёстры.  І тут ёсць гісторыя, якая пачалася менавіта ў Барысаўскім раёне. Пра тры пакаленні жанчын, што прысвяцілі сваё жыццё выратаванню людзей.

У студзені 1905 года,  ў вёсцы Лошніца пад Барысавам у акушэркі Марыі Леанцьеўны нарадзілася дачка Таня, якая таксама стала доктаркай. На хвіліначку, Таццяна Бірыч — першая жанчына-прафесарка ў Беларусі, загадчыца кафедрай хвароб вачэй Мінскага медыцынскага інстытута, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР, доктар медыцынскіх навук. Яна стварыла ўнікальныя метады лячэння, якія выратавалі тысячы людзей ад слепаты.

У сваю чаргу, яе дачка, Тамара Біріч, пачынала працаваць лекарам  Барысаўскай раённай паліклінікі. А потым стала адной з вядучых афтальмахірургаў краіны. Яна першай у Беларусі зрабіла імплантацыю штучнага хрусталіка. Паводле Амерыканскага біяграфічнага інстытута, яна была намінавана на званне «Жанчына года» у 1997м.

Біріч – так названая адна з вуліц у старой частцы Барысава.

Дарэчы, інфармацыя, якая расчаруе — акрамя вуліцы Бірыч, у Барысаве, дзе больш за сотню вуліц, усяго тры яшчэ вуліцы названыя ў гонар жанчын. Барысаўчанка Люся Чалоўская, чый помнік мы бачылі. І дзве замежніцы: Далорэс Ібаруры, гішпанская камуністка, і Роза Люксембург, дзякуючы якой мы маем вуліцу 8 сакавіка.  Факт, што яскрава паказвае, наколькі рэдка жанчыны трапляюць у гісторыю гарадскіх тапонімаў, нягледзячы на іх унёсак у жыццё і развіццё грамадства.

Музычная школа

Тапаграфічная падказка:
Рухаючыся да канчатковай кропкі нашага маршрута, мы праходзім міма школы мастацтваў – яна знаходзіцца злева, на другім баку праспекта, насупраць паліклінікі нумар два.

0:00

Як вы заўважылі, недзе пачынаючы ад плошчы, мы быццам трапілі на жаночую тэрыторыю горада.

Так выкладанне музыкі доўгі час таксама лічыцца “жаночай” прафесіяй.

Узгадваючы гісторыю Барысава і буйны культурны росквіт канца 19га і пачатку 20га стагоддзя, можна дадаць, што і ў складаныя трыццатыя гады пры савецкай уладзе ў горадзе адбывалася культурніцкае жыццё. У Барысаве, у адным з першых у Беларусі, быў адкрыты музычны гурток. Ім кіравала выпускніца Пецярбужскай кансерваторыі Ганна Маісееўна Нісхізава. Гэта было ў 1934м годзе, праз два гады пасля “хлебнага” жаночага бунта. Музычны гурток з’явіўся на запалкавай фабрыцы. Для дзяцей рабочых. А праз чатыры гады пачала працаваць ужо і музычная школа.   

Тэатр у Барысаве таксама вядзе сваю гісторыю ад каладзееўскіх часоў, але дагэтуль не мае свайго ўласнага будынку. Толькі тэатральную ці “малую” залю ў Палацы культуры, да якога мы зараз падыйдзем.

Палац культуры, спраектаваны жанчынай

Тапаграфічная падказка на завяршэнне:
калі ёсць час прагуляцца да рэчкі, можна ісці далей па праспекту Рэвалюцыі і там, дзе ён паварочвае налева, павярнуць направа — на пешаходны мост. Каб палюбавацца прыгожым пейзажам і пабыць акурат пасярэдзіне — паміж старой і новай часткай горада. Альбо прайсціся да “піянінкі” і шпацыраваць па вуліцы 1 ліпеня ўніз да рэчкі, каб патрапіць на маляўнічы маленькі прычал спартовага клуба Каяк.

Горад Барысаў быў культурнай сталіцай Беларусі ў 2011 годзе.

0:00

Яшчэ нядаўна гэтае месца выглядала інакш. Сам палац культуры імя Горкага (ну, вы помніце, пры чым тут Горкі…) быў пабудаваны ў 1982м годзе. Што цікава — па праекце жанчыны, Эльзы Кузняцовай. Яна вучылася ў Маскве, а ўсё жыццё працавала ў Казахстане і Беларусі. Ейныя праекты можна сустрэць у Лагойску, Радашковічах, Ракаве і Ждановічах.

Калі Палац культуры адкрыўся, акрамя самога будынка ад архітэктаркі гараджане атрымалі яшчэ і пляцоўку для прагулак. З дрэвамі, клумбамі і трымя велізарными квадратнымі чашами басейна, якія злучаліся паміж сабой, утвараючы невялічкія вадаспадзікі. Пасярод галоўнай чашы ў летні перыяд працаваў фантан. Пасля апошніх рэканструкцый, басейн з фантанам быў прыбраны.

Да архітэктуры Барысава мае дачыненне яшчэ адна жанчына, Роза Шэліхава, якая нарадзілася ў Тбілісі. Яна кіравала групай архітэктараў у нашым Дзяржпраекце і працавала з генпланам Барысава ў 1966м годзе.

І, на развітанне, трошкі цікавай статыстыкі.

Мы прагуляліся па чатырох вуліцах і аднаму праспекту дарэвалюцыйнага Новабарысава: вуліца Труда, 30 гадоў УЛКСМ, Паштовая, праспект Рэвалюцыі. Сутыкнуліся з рознымі гісторыямі — сумнымі і смешнымі, небяспечнымі і магічнымі.

Убычылі рэдкую з’яву для нашай краіны — жаночыя скульптуры ў горадзе, аж два разы! Узгадалі жанчын архітэктарак — аўтарак знакавых будынкаў для Барысава.

Падчас шпацыру мы з вамі знайшлі каладзееўскія казармы, узгадалі сям’ю дохтарак Бірычэй і яшчэ некалькіх жанчын-урачэй, жанчын-музыкаў і проста жанчын.

Менавіта таму, наша прагулка па Барысаву, што стаіць больш за 900 год на рацэ Бярэзіне, і прысвечаная жаночай гісторыі горада. Бо мы хочам памятаць гэтыя асобы. Упісаныя ў вуліцы, будынкі, мелодыі, штодзённую працу, гістарычныя каштоўнасці, гераічныя падзеі, бунты, кіно.. Але амаль нябачныя.